Амаль 50% ўкраінцаў выступаюць за стварэнне адзінай дзяржавы з Расіяй і Беларуссю

28.04.2011

Палова ўкраінцаў падтрымлівае ідэю ўступу Ўкраіны ў Еўрасаюз. Акрамя таго, 47% выступаюць за стварэнне адзінай дзяржавы Ўкраіны з Расіяй і Беларуссю.

Па выніках апытання сацыялагічнай групы Рэйтынг, якія агучыў дырэктар групы Аляксей Анціпавіч, у апошні час адзначаюцца тэндэнцыі да змяншэння падтрымкі грамадзянамі Ўкраіны еўраінтэграцыі.

Так, у кастрычніку 2009 года далучэнне Ўкраіны да Еўрасаюза падтрымлівалі 51% рэспандэнтаў, у красавіку 2010-га – 52%, у верасні 2010 – 57%, у студзені 2011 – 56% і ў красавіку гэты паказчык зменшыўся да 51%.

Тым часам, за стварэнне адзінай дзяржавы шляхам аб’яднання Ўкраіны, Расіі і Беларусі выступалі ў 2010 годзе 44-45% жыхароў краіны. У студзені 2011 года ўзровень падтрымкі павялічыўся да 48%, а ў красавіку – зменшыўся да 47%. Таксама змяншаецца колькасць тых, хто выступае супраць ідэі аб’яднання: у студзені 2011 года – 44%, у красавіку – 40%.

Даследаванне паказала, што 37% апытаных – прыхільнікаў ідэі аб’яднання з Расіяй і Беларуссю – адначасова падтрымліваюць уступ Украіны ў ЕС.

“Украінцам усё адно з кім інтэгравацца…, абы гэта было эканамічна выгодным”, – лічыць Анціпавіч.

Як адзначыў сацыёлаг, саюз Украіна-Расія-Беларусь больш за ўсё адстойваюць жыхары Данбаса, поўдня і ўсходу Ўкраіны.

Даследаванне праводзілася з 30 сакавіка па 9 красавіка 2011 года. Былі апытаны 2000 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 гадоў на тэрыторыі ўсіх абласцей Украіны, Крыму, Кіева і Севастопаля. Статыстычная хібнасць складае не больш за 2,2%.

Карэспандэнт

Коментування: коментарів