Беларусь і Украіна – не вотчыны Маскоўскага патрыярхату

9.09.2011

1–2 верасня на Фанары ў Стамбуле адбылася Сінакса (гр. σύναξις (сІнаксіс) – сход) прадстаяльнікаў самых старажытных праваслаўных цэркваў, месца і дату правядзення якой Усяленскі Патрыярх Варфаламей вызначыў яшчэ ў красавіку. Без перабольшання можна сказаць, што ў гісторыі Праваслаўя адгорнута новая старонка.

АДНАЎЛЕННЕ ПЕНТАРХІІ

У эпоху першых сямі Усяленскіх Сабораў ў Паўсюднай Царкве склалася пентархія – улада прадстаяльнікаў пяці цэркваў – Рымскай, Канстанцінопальскай, Александрыйскай, Антыяхійскай і Ерусалімскай. Пасля расколу 1054 г. найважнейшыя справы ў Праваслаўі вырашалі прадстаяльнікі чатырох усходніх цэркваў. З часам склалася так, што пятае месца сярод праваслаўных цэркваў заняла Маскоўская Праваслаўная Царква (сучасная РПЦ). Цяпер гэтай гістарычнай недарэчнасці пакладзены канец.

1–2 верасня 2011 г. у Праваслаўі адноўлена пентархія. Пятае і сваё законнае месца паводле чыну і чэсці заняла Кіпрская Праваслаўная Царква, якая атрымала аўтакефалію яшчэ ў 431 г. – на ІІІ Усяленскім Саборы.

У працы Сінаксы, якая прайшла пад старшынствам Усяленскага Патрыярха Варфаламея, узялі ўдзел: Патрыярх і Папа Александрыйскі Феодар, Патрыярх Ерусалімскі Феафіл, галава Кіпрскай Царквы архіепіскап Хрызастом і паўнамоцны прадстаўнік Патрыярха Антыяхійскага Ігнація.

Агулам кажучы, пасля распаду камуністычнай сістэмы пазіцыі РПЦ у праваслаўным свеце слабеюць. З некаторымі цэрквамі, у тым ліку з Канстанцінопальскай, у РПЦ склаліся складаныя адносіны. Масква спрабавала ўплываць на Канстанцінопальскі Патрыярхат праз урад Турцыі, але якраз напярэдадні Сінаксы гэты ўрад вырашыў вярнуць Царкве колісь забраныя ў яе храмы і манастыры. Масква вуснамі сваіх даволі высокапастаўленых прадстаўнікоў вінаваціла Патрыярха Варфаламея, што ён хоча стаць “праваслаўным Папам”. Склікаўшы Сінаксу, Усяленскі Патрыярх даў дастойны адказ Маскве.

Не менш важна, што прадстаяльнікі пяці найстаражытнейшых цэркваў яшчэ раз пацвердзілі, што цэнтрам Праваслаўя з’яўляецца Фанар.

ПАСЛАННЕ МІРУ

Агульнавядома, у якіх цяжкіх варунках даводзіцца жыць не толькі праваслаўным, але і ўсім хрысціянам Блізкага Усходу. Тут, дзе даволі часта ўчыняць напады на цэрквы, збіваюць і забіваюць паслядоўнікаў Ісуса Хрыста, вельмі важнае значэнне мае міжхрысціянская салідарнасць і мала месца застаецца для міжхрысціянскіх спрэчак і канфліктаў.

У адмысловым пасланні прадстаяльнікі пяці цэркваў выказалі салідарнасць з тымі, каго дыскрымінуюць і ў адносінах да каго ўчыняюць гвалт і ганенні. Яны заявілі, што патрабуюць абароны праваслаўных вернікаў з боку дзяржаваў. Адначасова яны заклікалі да інтэнсіфікацыі міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу з юдаізмам і ісламам. Сінакса заклікала палітычных і рэлігійных лідэраў Блізкага Усходу выпрацаваць прынцыпы і метады забеспячэння мірнага суіснавання вернікаў розных рэлігійных традыцый.

ЗА ВЯЛІКІ САБОР

Апошні Усяленскі Сабор з удзелам усходніх цэркваў праводзіўся яшчэ ў І тысячагоддзі, і Праваслаўю прост неабходна даць адказ на многія выклікі часу. Паколькі склікаць Усяленскі Сабор без удзелу Рымскай Царквы немагчыма, вось ужо 50 гадоў ідзе падрыхтоўка Святога і Вялікага (Усеправаслаўнага) Сабору.

Паколькі на Саборы павінны быць разгледжаны і пытанні аб парадку надання цэрквам аўтакефаліі, а таксама аб дыптыху (груба сказаўшы, парадкавым нумары кожнай аўтакефальнай Царквы), РПЦ зрывае яго падрыхтоўку.

Сёлета ў лютым праходзіла сустрэча Міжправаслаўнай падрыхтоўчай камісіі. На сустрэчы дзве старадаўнія царквы – Грузінская і Кіпрская – узнялі пытанне аб узвядзенні іх на больш вышэйшыя месцы ў дыптыху (на шостае месца Грузінскай і на пятае – Кіпрскай). Свае заўвагі да дыптыху мелі таксама Польская і Албанская цэрквы.

Не здолеўшы адстаяць інтарэсы сваёй Патрыярхіі, прадстаўнікі РПЦ сарвалі працу падрыхтоўчай камісіі.

Як паведамляецца ў камунікаце саміту Пентрахіі, прадстаяльнікі найстаражытнейшых цэркваў прапанавалі Усяленскаму Патрыярху Варфаламею склікаць Сабор Патрыярхаў і Прадстаяльнікаў аўтакефальных цэркваў дзеля хутчэйшага склікання Вялікага Сабору.

Саміт падтрымаў таксама прапанову Патрыярха Варфаламея аб скліканні ў недалёкай будучыні нарады рэлігійных дзеячаў Міжземнамор’я для прыняцця экалагічнай хартыі рэгіёна, а таксама для падтрымкі суіснавання розных рэлігій.

І НАША ЛІТВА

У камунікаце саміту Пентрахіі маецца і такі сказ: “Акрамя таго, зважаючы на апошнія падзеі, што мелі месца ў Праваслаўнай Царкве, Сінакса настойвае на неабходнасці для ўсіх праваслаўных цэркваў паважаць і сувора прытрымлівацца геаграфічных межаў сваіх юрысдыкцыяў у тым выглядзе, як яны вызначаны святымі канонамі і томасамі (граматамі. – А. С.) пра стварэнне гэтых цэркваў”.

Назіральнкі лічаць, што гэта “каменчык” і ў бок РПЦ, якая пачынае сваю актыўнасць у Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і ўсяк перашкаджае станаўленню адзінай Праваслаўнай Царквы ва Украіне.

Як вядома, Маскоўская Патрыярхія была прызнана Усяленскім Патрыярхам у 1589 г. у межах тагачаснае Маскоўскае дзяржавы. У 1685 г. Масква фактычна, а ў наступным годзе (з “падачы” асманскага візіра) і юрыдычна “прыхапіла” Кіеўскую мітраполію. Аднак у 1924 годзе Усяленскі Патрыярх Грыгоры VII, надаючы аўтакефалію Польскай Праваслаўнай Царкве, у склад якой была ўлучана значная частка былой Кіеўскай мітраполіі, у тым ліку Заходняя Беларусь з Віленшчынай, у сваім томасе заявіў, што “аддзяленне ад Нашага Пасаду Кіеўскай мітраполіі і залежных ад яе Праваслаўных Мітраполіяў Літвы (Вялікага Княства Літоўскага. – А. С.) і Польшчы (Кароны Польскай. – А. С.), а роўна далучэнне іх да святой Маскоўскай Царквы наступіла не паводле кананічных правілаў, а таксама не было выканана ўсё тое, што было ўстаноўлена адносна поўнай царкоўнай аўтаноміі Кіеўскага мітрапаліта, які насіў тытул Экзарха Усяленскага Пасаду”.

У 2005 годзе адзін з іерархаў Канстанцінопальскай Царквы наўпрост заявіў, што яна ніколі не прызнавала законнасці пераходу Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскай Царквы, а праз тры гады Варфаламей назваў далучэнне Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскай Царквы анексіяй.

Тое, што Пентархія заклікала цэрквы прытрымлівацца геаграфічных межаў сваіх юрысдыкцый у тым выглядзе, як яны вызначаны канонамі і томасамі, дае падставу спадзявацца, што раней ці пазней будзе заснавана аўтакефальная Праваслаўная Царква ва Украіне і што перастане быць экзархатам Маскоўскай Царквы Праваслаўная Царква ў Беларусі.

http://anatolsidarevic.livejournal.com

Коментування: коментарів