Беларускія ўлады душаць украінскую дыяспару

10.02.2012

10 лютага Баранавіцкі гарадскі суд разглядаў адміністрацыйную справу старшыні ініцыятыўнай групы па стварэнні грамадскага аб’яднання ўкраінскай дыяспары “Кабзар” Мікалая Чарнавуса. На пасяджэнне суддзя Станіслаў Півавар запрасіў прадстаўніка гарвыканкама Сяргей Пяцігорава і маёра міліцыі Віталя Дабрачынскага. Яны паведамілі, што Мікалай Чарнавус парушыў арт. 23.39 КаАП, падпісаўшыся ў лісце кіраўніцтву горада старшынём ГА “Кабзар”, якое не зарэгістравана.

Суддзя Станіслаў Півавар прызнаў вінаватым Мікалая Чарнавуса ў самаўпраўстве пры стварэнні грамадскага аб’яднання ўкраінскай дыяспары “Кабзар” і прысудзіў яму адміністрацыйны штраф у памеры 2-х базавых велічынь (70 тыс. руб.).

Мікалай Чарнавус не згодны з такім рашэннем і будзе абскарджваць яго ў Брэсцкім абласным судзе.
На першым паседжанні суддзя Станіслаў Півавар публічна агучыў, што не бачыць віны Чарнавуса і не хацеў бы яго караць, але не ведае, што яму скажуць зверху. Актывіст лічыць прысуд несправядлівым і будзе яго абскарджваць.

Адносна рэгістрацыі аб’яднання “Кабзар” Мікалай Чарнавус заяўляе, што будзе надалей дамагацца яго рэгістрацыі ў Беларусі:

– Будзем працягваць змагацца. Паеду ў Кіеў, стану пад беларускай амбасадай з плакатам, што украінцаў душаць ў Беларусі, не даюць развівацца.

Так, я старшыня, у сувязі з тым, што быў абраны на ўстаноўчым сходзе старшынёй. На сходзе мяне ўпаўнаважылі далей працягваць прасіць офіс.

Нагадаем, у студзені дэпутат Валынскай абласной рады і каардынатар Цэнтра «Супрацоўніцтва без межаў» Ігар Гузь накіраваў дэпутацкі запыт у Міністэрства замежных спраў Украіны, амбасадару Украіны ў Рэспубліцы Беларусь і Генеральнаму консулу Украіны ў Брэсце з просьбай вырашыць гэты канфлікт.

Дэпутат Гузь звярнуў увагу на нерэгістрацыю грамадскага аб’яднання «Кабзар» ў Баранавічах, якому гарадскія ўлады адмаўляюць у памяшканні для юрыдычнага адрасу. А сам кіраўнік аб’яднання Мікалай Чарнавус падвяргаецца пераследу за грамадскую дзейнасць.

Украінскі дэпутат прасіў дзяржаўных асоб аказаць садзейнічанне ў атрыманні на ільготных умовах памяшкання для Баранавіцкага грамадскага аб’яднання «Кабзар» і спыненні пераследу Мікалая Чарнавуса.

Ігар Гузь нагадвае, што ва Украіне беларускім грамадскім арганізацыям арэнда памяшкання абыходзіцца 1 грыўну на месяц, у той час, як з украінскай дыяспары ў Баранавічах толькі за магчымасць арандаваць памяшканне праз аўкцыён патрабуюць 9000 грывень – гэта 10 мільёнаў беларускіх рублёў.

Свой пратэст у падтрымку Чарнавуса выказаў і Украінскі дом (Берасцейшчына).

“Радыё Рацыя”, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, “Хартыя-97″

Коментування: коментарів