Беларусы ў Львове адзначаць Слуцкі збройны чын каля помніка Бандэры

26.11.2011

27 лістапада цягам цэлага дня ў Львове будуць праходзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да гадавіны Слуцкага збройнага чыну.

Зранку беларусы пойдуць на малітву ў царкву. А 10.30 адбудзецца ўскладанне кветак на Лічакіўскіх могілках да пахавання Шымона Шыдлоўскага-шляхціча з Віцебска і ўдзельніка паўстання 1830-1831 гадоў супраць Расійскай імперыі. Далей-сустрэча беларусаў з прадстаўнікамі ўкраінскіх палітычных партый. А 15.00-канцэрт беларускага барда Андрэя Мельніка на плошчы “Рынак”.

А 16.00 беларусы і ўкраінцы правядуць мітынг каля помніка Тараса Шаўчэнка.  Адтуль калона накіруецца да помніка лідара Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Сцяпана Бандэры, каля якога таксама пройдзе невялікі мітынг.

“Мы ідзем да помніка Сцяпана Бандэры не толькі таму, што мы ў Львове і мы паважаем і львавян, і Заходнюю Украіну. Для нас яшчэ важна тое, што гэта помнік чалавеку — герою Украіны, які паказваў, што з імперыяй зла трэба змагацца ў любых умовах. Беларускі нацыянальных рух не толькі паважае ўкраінскіх нацыянальных герояў, але мае свае ідэалагічныя перакананні, і мы Расіі не здаліся, і не здадзімся”, — адзначыў 25 лістапада на прэс-канферэнцыі  прысвечанай святкаванню слуцкага паўстання адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ва Украіне Вячаслаў Сіўчык.

Нагадаем, што Слуцкім збройным чынам называюць спробу ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцка ў лістападзе і снежні 1920 года.

“Еўрарадыё”

Коментування: коментарів