Кіраўніцтва Мінюста Польшчы пачула беларускіх актывістаў (фота, відэа)

1.02.2012

31 студзеня адбылася двухгадзінная размова прадстаўнікоў беларускіх і міжнародных арганізацый з кіраўніком палітычнага аддзела міністэрства Юстыцыі Польшчы Пётрам Дардзінскім.

Сустрэча стала магчымая пасля агульнага звароту ў міністэрства прадстаўнікоў арганізацый Цэнтр “Супрацоўніцтва без межаў” Ігара Шчэкарэвіча, “Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі” Анатоля Міхнаўца і “Еўрапейскай Беларусі” Зміцера Бародкі.

Беларускія актывісты абмеркавалі на сустрэчы тры галоўных пытання. Гэта пераслед на працягу 12 гадоў судом у Беластоку беларускага апазіцыянера Андрэя Жукаўца, скандальнае рашэнне суда ў Быдгошчы аб фактычнай забароне бел-чырвона-белага сцяга на спартыўных мерапрыемствах у Польшчы і магчымасць скасавання дамовы аб беларуска-польскім прававым супрацоўніцтве, па якому Беларусі былі выдадзеныя банкаўскія дадзеныя Алеся Бяляцкага.

Як адзначыў прадстаўнік Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” Ігар Шчэкарэвіч, гэта не апошняя такая сустрэча ў міністэрстве.

Шчэкарэвіч:”Каб мы маглі пакрокава вырашаць тыя праблемы, якія зараз існуюць, было вырашана правесці яшчэ як мінімум адну сустрэчу. Было б наіўна думаць, што ўсе гэтыя праблемы магчыма вырашыць цягам адной размовы. Таму мы ўдзячныя, што Мінюст Польшчы пайшоў нам насустрач, і кансультацыі будуць працягвацца”.

Адзначым, што гэта не першая сустрэча на вышэйшым узроўні беларускіх актывістаў. 22 снежня 2011 года прадстаўнікі арганізацый сустрэліся з намеснікам генпракурора Польшчы Робертам Гернандам. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны шматлікія факты парушэння правоў актывістаў беларускай апазіцыі з боку польскіх пракуратураў. Па выніках размовы, актывісты ацанілі яе як паспяховую.

Прэс-служба Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”

Коментування: коментарів