Намеснік генпракурора Польшчы сустрэўся з прадстаўніком Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” (фота, відэа)

22.12.2011

22 снежня ў Генеральнай пракуратуры Польшчы прайшла сустрэча прадстаўнікоў беларускіх і міжнародных арганізацый з намеснікам генеральнага пракурора Польшчы Робертам Гернандэм. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнік Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” Ігар Шчэкарэвіч, прадстаўнік “Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі” Анатоль Міхнавец і прадстаўнік “Еўрапейскай Беларусі” Дзмітрый Бародка, а таксама  праваабаронца Андрэй Жукавец.

Пры размове з Гернандэм таксама павінны былі прысутнічаць журналісты. Падчас кантактаў з пракуратурай беларускія актывісты паведамлялі, што хочуць запрасіць прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Супрацоўнік пракуратуры, адказны за арганізацыю сустрэчы, першапачатковы не выказваўся супраць журналістаў. Аднак калі журналісты паспрабавалі прайсці на сустрэчу ім у гэтым было адмоўлена. Хутчэй за ўсё намеснік генпракурора пабаяўся ў іх прысутнасці адказваць на вострыя пытанні.

Ігар Шчэкарэвіч

Анатоль Міхнавец, Дзмітрый Бародка, Ігар Шчэкарэвіч, Андрэй Жукавец

На сустрэчы былі абмеркаваны шматлікія факты парушэння правоў актывістаў беларускай апазіцыі ў Польшчы. А менавіта рашэнне пракуратуры ў Быдгашчы аб фактычнай забароне выкарыстання беларускага нацыянальнага сцяга на спартыўных мерапрыемствах у Польшчы і шматгадовы пераслед беластоцкай пракуратурай Андрэя Жукаўца.

Таксама беларусаў цікавіла чаму дагэтуль не былі адпаведна пакараныя супрацоўнікі Генпракуратуры Польшчы, адказныя за перадачу беларускім уладам банкаўскіх звестак праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Ва ўсіх гэтых парушэннях, паводле прадстаўнікоў арганізацый, вінаватыя пракуратуры розных гарадоў Польшчы. Актывісты не выключаюць, што некаторыя такія рашэнні польскія пракуратуры прымалі ў супрацоўніцтве з беларускім рэжымам.

Прадстаўнікі беларускіх і міжнародных арганізацый папрасілі намесніка генеральнага пракурора Польшчы паўплываць  на сваіх падначаленых і не даць ім магчымасці парушыць закон яшчэ раз. Адзіным эфектыўным спосабам для гэтага з’яўляецца прыцягненні іх да адказнасці за папярэднія парушэнні польскага заканадаўства.

Па выніках сустрэчы, актывісты ацанілі яе як паспяховую. Гэта першая размова такога ўзроўню прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і кіраўніцтва Генпракуратуры Польшчы. Быў наладжаны кантакт з генпракратурай, які ў будучым дапаможа  пазбегнуць  парушэння правоў актывістаў беларускай апазіцыі ў Польшчы.

Прэс-служба Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”

Коментування: коментарів