«Нацыянальны Альянс» і «Моладзь БНФ» сталі партнёрамі (фота)

8.02.2011

8 лютага ва ўкраінскім горадзе Луцку адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж усеўкраінскай моладзевай арганізацыяй «Нацыянальны Альянс» і «Моладдзю Беларускага Народнага Фронта». З украінскага боку подпіс пад дакументам паставіў кіраўнік «Нацыянальнага Альянса», дэпутат Валынскай абласной Рады Ігар Гузь, з беларускага боку – намеснік старшыні «Моладзі БНФ» Антон Каліноўскі.

Падпісанне пагаднення прайшло ў будынку Луцкай гарадской Рады.

Моладзь дзвюх дзяржаў дамовілася сумесна працаваць над дэмакратычнымі пераўтварэннямі ў сваіх краінах, праводзіць супольныя мерапрыемствы, ажыццяўляць пастаянны абмен вопытам і інфармацыяй.

Пасля падпісання пагаднення прайшла прэс-канферэнцыя Ігара Гузя і Антона Каліноўскага. Актывіст з Беларусі распавёў аб палітычнай сітуацыі ў краіне пасля выбараў, а менавіта аб хвалі рэпрэсій супраць дэмакратычных сілаў. Ігар Гузь у сваю чаргу расказаў пра бліжэйшыя планы «Нацыянальнага Альянса» па супрацоўніцтве з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

Акрамя таго, госці з Беларусі прэзентавалі кнігу «Акрэсцінскія будні».

Гэта кніга сабрала пад адной вокладкай рэальныя гісторыі людзей, якія адбывалі адміністрацыйнае пакаранне ў следчым ізалятары на вуліцы Акрэсціна ў Мінску ў 2006-2008 гадах. Такім чынам гэтыя людзі былі пакараны за ўдзел у акцыях пратэсту супраць палітыкі беларускага прэзідэнта.

Да кнігі падрыхтаваны падрабязныя каментары, якія даюць уяўленне аб пэўных падзеях і людзях, надаюць выданню дакументальнасць і дакладнасць.

«Моладзь БНФ» з’яўляецца другой беларускай арганізацыяй, з якой «Нацыянальны Альянс» падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве. У 2005 годзе ўкраінская арганізацыя стала партнёрам «Маладога Фронту».

Прэс-служба ўсеўкраінскай моладзевай арганізацыі «Нацыянальны Альянс»,
Юля Грышчук, тэл.: +3 8 093 11 98 543

Коментування: коментарів