У Беларусі распачалася інфармацыйная кампанія супраць беларускіх актывістаў Варшавы? (фота)

24.01.2012

Беларускія дзяржаўныя газеты пачалі друкаваць артыкулы супраць найбольш грамадска актыўных беларусаў Варшавы.

Так, у газеце Мастоўскага раёна “Зара над Нёманам” выйшаў артыкул “Нават Польшчу варочае ад беларускай апазіцыі”.

Гнеў выдання выклікаў факт сустрэчы беларусаў з намеснікам генеральнага пракурора Польшчы Робертам Гернандэм. Нагадаем, што ў сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” Ігар Шчэкарэвіч, “Звязу на карысць дэмакратыі ў Беларусі” Анатоль Міхнавец, “Еўрапейскай Беларусі” Дзмітрый Бародка, а таксама праваабаронца Андрэй Жукавец.

На дадзены момант невядома колькі раённых газетаў надрукавалі гэты ці падобныя артыкулы.

Актывісты, якія ўспамінаюцца ў газеце, ацэньваюць такую цікавасць да іх з боку дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, як сведчанне плённасці іхняй дзейнасці.

“У Беларусі крытыка з боку дзяржаўных СМІ ў адносінах да недзяржаўных арганізацый заўсёды з’яўлялася прыкметай плённасці працы гэтых арганізацый. Таму мы з задавальненнем даведаліся, што нашу дзейнасць у Варшаве заўважылі беларускія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Для нас гэта стала дадатковым стымулам для яшчэ больш энергічнай працы”.- адзначыў актывіст Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў” Ігар Шчэкарэвіч.

Прэс-служба Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”

Коментування: коментарів