У Кіеве патрабавалі вызваліць затрыманых у Мінску украінцаў (фота, відэа)

25.03.2013

25 сакавіка каля пяцідзесяці актывістаў “Нацыянальнага Альянсу” і сяброў іншых грамадскіх арганізацый пікетавалі пасольства Рэспублікі Беларусь у Кіеве з патрабаваннем неадкладна вызваліць затрыманых напярэдадні ў Мінску трох грамадзян Украіны.

Пікетоўцы выказалі сваё абурэнне тым, што 24 сакавіка на апазіцыйнай акцыі ў Мінску, якая, дарэчы, была дазволена ўладамі, затрымалі трох украінцаў. Двое з іх – дзяўчаты. Без суда іх пратрымалі суткі ў следчым ізалятары і толькі 25 сакавіка ў абед прывезлі на суд.

Старшыня арганізацыі “Нацыянальны Альянс” Майя Масквіч выказала меркаванне, што беларускія праваахоўнікі затрымалі трох членаў арганізацыі толькі таму, што яны прыехалі з Украіны. Бо з больш чым двух тысяч удзельнікаў акцыі затрыманыя былі толькі восем чалавек, і трое з іх – украінцы.

“Па сведчаннях відавочцаў, нашы актывісты нічога супрацьзаконнага не рабілі і паводзілі сябе мірна. Іх затрымалі толькі таму, што яны мелі на сабе сіне-жоўтыя сцягі Украіны”, – заявіла Мая Масквіч. На яе думку, гэта відавочная непавага з боку беларускіх праваахоўнікаў да дзяржаўных сімвалаў Украіны і яе грамадзянаў.

Пікетоўцы падрыхтавалі ліст да амбасадара Беларусі ва Украіне, у якім запатрабавалі неадкладна вызваліць затрыманых украінцаў. Аднак з амбасады ніхто не выйшаў забраць ліст.

Майя Масквіч заявіла, што далейшыя дзеянні пікетоўцаў будуць залежаць ад рашэння Мінскага суда па справах затрыманых украінцаў. Вядома, што ім пагражае або пятнаццаць сутак арышту, або штраф.

Нагадаем, што 24 сакавіка ў Мінску падчас апазіцыйнай акцыі былі затрыманы трое сяброў грамадскай арганізацыі “Нацыянальны Альянс”. Па папярэдніх дадзеных ім інкрымінуюць непадпарадкаванне работнікам міліцыі. Юлія Грышчук, Юлія Слівінская і Назар Зеліноўскі паехалі ў суседнюю краіну для таго, каб прыняць удзел у акцыі “Дзень Волі”. Паездка украінцаў праходзіла ў рамках праекта “Украінская прысутнасць”, які рэалізуе “Нацыянальны Альянс” сумесна з міжнароднай арганізацыяй Цэнтр “Супрацоўніцтва без межаў”. У межах праекта украінцы ездзяць у розныя краіны свету, у асноўным аўтастопам, і падымаюць на масавых акцыях, якія яны ідэйна падтрымліваюць, украінскія сцягі.

Прэс-служба Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”

Коментування: коментарів