Украінцы Беларусі актывізуюць супрацоўніцтва з гістарычнай Радзімай (фота)

26.09.2011

25 верасня ва ўкраінскім Луцку адбылося падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж арганізацыяй украінскай дыяспары ў Беларусі “Украінскі дом” і ўкраінскім Цэнтрам “Супрацоўніцтва без межаў”.

З украінскага боку дамову падпісаў кіраўнік Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”, дэпутат Валынскай абласной рады Ігар Гузь, з беларускага – намеснік кіраўніка “Украінскага дома” Дзмітрый Кісель.

Таксама на сустрэчы прысутнічаў намеснік кіраўніка “Украінскага дома” Віктар Місіюк і кіраўніцтва Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”.

Бакі дамовіліся аб правядзенні ў снежні гэтага года сумеснай канферэнцыі на тэму “Украінцы на Берасцейшчыне – 20 год незалежнасці Ўкраіны”, абмеркавалі ўнутрыпалітычныя сітуацыі ў двух краінах, дамовіліся стварыць ва Ўкраіне “Берасцейскую ініцыятыву” – групу людзей, якія будуць  дапамагаць украінцам Берасцейшчыны.

Акрамя таго прадстаўнікі арганізацый будуць дамагацца аднаўлення праграмы вучобы беларускіх украінцаў ва ўкраінскіх вышэйшых навучальных установах. Да нядаўняга часу ў межах праграмы падтрымкі ўкраінцаў за мяжой ва Украіне штогод атрымоўвалі  бясплатную вучобу 10 студэнтаў з Берасцейшчыны. Аднак з гэтага года такая дапамога для прадстаўнікоў украінскай дыяспары ў Беларусі была спыненая.

Прэс-служба Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”

Коментування: коментарів