Былы пасол Украіны: Усё ў Беларусі будзе добра, і адбудзецца гэта дастаткова хутка

21.06.2011

Беларусь «мае вялікія перспектывы», перакананы былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны. «Гэта вялікая еўрапейская краіна, і ўсё ў Беларусі будзе добра, і адбудзецца гэта дастаткова хутка», — сказаў ён у інтэрв`ю БелаПАН і газеце «Народная воля».

Кіраўніком украінскага дыппрадстаўніцтва ў Мінску Бяссмертны быў прызначаны ў лютым 2010 года ўказам Віктара Юшчанкі, а зняты з пасады 3 чэрвеня 2011 года ўказам цяперашняга прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Прычына такога рашэння ва ўказе не прыводзілася. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, падставай для адстаўкі паслужылі рэзкія выказванні дыпламата наконт палітыкі афіцыйнага Мінска.

«Я вельмі шчаслівы, што лёс распарадзіўся так, што я пазнаў вялікі беларускі народ з яго найвялікшай культурай і гісторыяй, — падкрэсліў Бяссмертны. — У краіне вырасла новае пакаленне, яно па-іншаму глядзіць на гэты свет. Яно абсалютна адкрытае для свету, кантактуе з усім светам і разумее, што не можа быць шчасця толькі ў адным асобным горадзе, пасёлку, дзяржаве».

Гаворачы аб цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, Бяссмертны падкрэсліў, што гэтыя цяжкасці часовыя. «Усё мяняецца і ўсё праходзіць. Я назіраю за развіццём сітуацыі ў Беларусі апошнія месяцы — грамадства сваё бярэ.

Што б улада ні рабіла, калі яна агідная народу, народ знойдзе спосаб, як яе памяняць», — лічыць экс-пасол.

Беларусам Бяссмертны пажадаў жыць у сваё задавальненне: «Раніцай, прачынаючыся, давайце сабе слова: сёння з сябе не здзекваюся, нічога не буду рабіць праз не магу. Чалавек прывыкае да чаго хочаце, але не гвалтуйце сябе».

Гаворачы аб сваім магчымым пераемніку на пасадзе кіраўніка дыпмісіі, Бяссмертны адзначыў, што не высвятляў гэтае пытанне. «Я ведаю роўна столькі, колькі ведаюць сродкі масавай інфармацыі. Яны пішуць сёння пра Віктара Мікалаевіча Ціханава, былога віцэ-прэм`ера. Я не задаваў гэтае пытанне міністру (замежных спраў.), мне здаецца гэта некарэктным. Гэта справа прэзідэнта — прымаць рашэнне наконт чалавека, які сюды прыедзе. Са свайго боку новаму паслу Украіны ў Беларусі я б пажадаў толькі поспехаў», — заявіў Бяссмертны.

У найбліжэйшых планах дыпламата — адпачыць. «Я дакладна ведаю, што тэма Беларусі з майго жыцця не сыдзе. Напрыклад, мяне запрасілі прачытаць лекцыю аб сучаснай Беларусі ў Львоўскім універсітэце», — дадаў Раман Бяссмертны.

БелаПАН

Коментування: коментарів