Быць беларусам – погляд збоку: Ілько Гладштэйн

27.08.2011

— Каротка пра сябе, калі ласка (адзін-два радкі для прэзентацыі асобы).

— Ілько Гладштэйн, мэнэджар культуры, Кіеў. Сакаардынатар фестывалю сучаснай неафіцыйнай беларускай культуры ва Украіне “Беларуская вясна”.

— Калі ўпершыню сутыкнуўся з Беларуссю/беларусамі?

— Калі бацька ў 1996 годзе прывёз з Мінска настольны гадзіннік “Электроніка”. Ён граў 16 мелодый. Ужо не грае, не падсвечваецца, але да гэтага часу працуе.

— Чаму/як зацікавіўся Беларуссю?

— На лецішчы стаяў прыёмнік “VEF”, які я любіў круціць у дзяцінстве. Лавіў перадачы беларускай студыі Радыё Свабода і вельмі смяяўся беларускіх словаў. Там жа ўпершыню пачуў “Тры чарапахі” і прасякнуўся.

Пазней, на 4 курсе, захацелася арганізоўваць літаратурныя падзеі, і мая сяброўка Тася Жыўкава зацягнула мяне ў кіеўскае беларусафільскае падполле, што якраз рыхтавала чарговую “Беларускую вясну”. Так я заняўся арганізацыяй беларуска-ўкраінскіх імпрэзаў ва Украіне, а затым і ў Беларусі (фестываль украінскай культуры ў Мінску “Пералаз”, 2009).

За 4 гады такой дзейнасці пазнаёміўся з многімі ўдзельнікамі беларускага культурнага працэсу, знайшоў тут шмат сяброў, занурыўся ў кантэкст.

— Што найбольш вабіць, цікавіць? Напрыклад, звязанае з прафесійнай дзейнасцю ці з пэўнымі нязвыклымі для Украіны з’явамі, людзьмі, эмоцыямі, вобразамі?

— Беларусь для мяне — гэта краіна маіх сяброў, а значыць, трохі і мая краіна. Беларусь і Украіна маюць падобную гісторыю, але розную рэчаіснасць, цікава аналізаваць прычыны гэтай адрознасці.

Цікавая сучасная беларуская літаратура — на маю думку, яна больш канкурэнтаздольная, чым украінская. Цікавае грамадства, якое жыве ва ўмовах антыўтопіі.

— У гэтым праекце важна, каб беларусы зірнулі на сябе збоку, праз погляд іншаземцаў заўважылі штосьці, на што самі не звяртаюць увагі. Такім чынам, можаш назваць нейкія адметныя рысы беларусаў? Псіхалагічныя, ментальныя, сацыяльныя?

— З майго невялікага досведу супрацоўніцтва, беларусы больш абавязковыя і надзейныя, з імі лягчэй працаваць. Аўтастопам па Беларусі ездзіць нашмат лягчэй, чым па Украіне — лічу гэта прыкметай таго, што матэрыяльная выгада тут не з’яўляецца рэлігіяй, як ва Украіне. Менш зайздрасці і ганарыстасці. Праўда, часам ганарыстасць адсутнічае аж да страты чалавечай годнасці. Высокі давер да аўтарытэтаў, страх пераменаў.

— Што выклікае здзіўленне (ці нават шок) у Беларусі, а што, наадварот, вабіць, можа, штосьці, чаго няма ў тваёй краіне?

— Шок выклікае статус звышчалавека прадстаўнікоў усіх сілавых ведамстваў. Вабіць менш сварлівасці і здольнасць да больш плённай грамадскай каардынацыі

— У якую Беларусь хочацца вяртацца цяпер і захочацца ў будучыні?

— Цяпер хочацца вяртацца ў галерэю “Ў” і дадому да сяброў. У будучыні хочацца вярнуцца ў краіну, дзе ў людзей не будзе ўнутранага КДБшніка.

“Будзьма”

Коментування: коментарів