Хто ў Кіеве размаўляе па-беларуску?

9.05.2011

Аднойчы, поўзаючы па засеках сусьветнага павуціньня, наштурхнуўся на суполку “Клуб любителів білоруської мови”.

Беларуская мова у Кіеве? Неверагодна. Для таго, каб адказаць на хвалюючыя мяне пытаньні, вырашыў правесьці ўласнае расследваньне. Сказана-зроблена.

Першыя крокі распачаліся з пошукаў удзельнікаў дадзенай супольнасьці.

“Моладзь+ініцыятыва=вынік”

“Клуб любителів білоруської мови” пачаў сваю дзейнасьць у 2009 годзе і гуртуе украінцаў, якія цікавяцца беларушчынай.  Сустрэчы адбываюцца прыблізна раз на два тыдні, у межах якіх вывучаецца беларуская мова шляхам жывога стасаваньня.

“Ўласна, весь белразмоўклюб — гэта, насамрэч, моладзь. Чалавек 10-12, але ёсьць людзі і ў іншых гарадох Украіны, якія падзяляюць нашыя зацікаўленасьці. Мы нават плянавалі правесьці выязное паседжаньне ў Львове”- кажа адзін з удзельнікаў клюбу. Большасьць паседжаньняў адбываюцца ў трапезнай “Акадэмія”, але часам народ перадыслакоўваецца ў іншыя мейсцы.

Што можа знайсьці для сябе малады чалавек, завітаўшы на  “Белразмоўклюб”?

“Гэтая ініцыятыва дае магчымасьць тым, хто да яе далучыўся, болей пазнаць аб сучаснай беларускай культуры, пабачыць ня той яе вобраз, які сфармаваны традыцыйнымі поглядамі на Беларусь (бульба, лясы, азёры), а значна болей”- мяркуе  Сяржук Гірык. І яно сапраўды так. Далучаюцца. Пазнаюць. Бачаць. Не дарма Кіеў стаў цэнтрам такіх вядомых мерапрыемстваў, як “Днi правильної бiлоруської музики” і “Беларуская вясна”, асноўнымі наведвальнікамі якіх з’яўляецца моладзь.

“У нас быў амаль агульны лёс”

Кожны удзельнік “Клюбу” адкрываў для сябе Беларусь па-свойму. Напрыклад, актывіст украінскага нацыянальнага руху Васіль Бабіч зацікавіўся нашай краінай праз сваю любоў да кніг. Яшчэ ў пяцігадовым узросьце ён прачытаў, што ўкраінская мова ўваходзіць ва ўсходнеславянскую падгрупу славянскіх моваў. Што такое расейская, Васіль ужо ведаў, а вось беларуская… Невядомая дагэтуль мова суседняга народа прываблівала сваёй таямнічасьцю.  Падзеі Памаранчавай рэвалюцыі яшчэ болей паўплывалі на ўлюблёнае хобі: “…Я цікавіўся Беларуссю, сачыў за падзеямі ў вашай краіне. Ў 2004 годзе было прыемна бачыць і шмат бел-чырвона-белых сьцягоў ў Кіеве, нажаль, я тады не рашыўся падысьці…” Васіль лічыць, беларусы і ўкраінцы жылі калісьці ў адным палітычным аб’яднаньні, што адбіваецца на ягонай этнічнай салідарнасьці.

Poskriptum

Тое, што да нашай мовы ўзьнікае попыт ня толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі, яшчэ раз пераконвае аб неаходнасьці яе далейшай папулізацыі і распаўсюды. І ўсе адмазкі, кшталту, “ Зачэм мне этат язык?”, ці “Пачну размаўляць па-беларуску, калі заразмаўляе большасьць” не да месца. Калі мы хочам захавацца, як народ, то павінны ісьці на пэўныя  захады. Гэтага патрабуе жыцьцё. Інакш немажліва. І, разам з тым, кожны робіць свой асабісты выбар.

Алесь Вярцейка, “Альтэрнатыўная моладзевая платформа”

Коментування: коментарів