Кіяўляне падтрымалі маўклівыя акцыі пратэсту ў Беларусі (фота)

4.07.2011

3 ліпеня ў Кіеве беларускія і ўкраінскія грамадскія актывісты пікетавалі пасольства Беларусі. Такім чынам яны падтрымалі маўклівую акцыю пратэсту, якая ў Дзень Незалежнасці праводзіцца ў беларускіх гарадах.

Больш за трыццаць удзельнікаў пікета трымалі транспаранты з надпісамі “Сыходзь!”, “Верым! Можам! Пераможам!”, “Бiлоруси, ми з вами”, “Лукашенко, звiльни затриманых!” і іншымі. Перыядычна пікетоўцы пляскалі ў далоні і адгукаліся на сігналы аўтамабіляў, вадзіцелі якіх выказвалі такім чынам падтрымку прысутным.

Нагадаем, маўклівыя акцыі, арганізаваныя праз сацыяльныя сеткі, праходзяць кожную сераду ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і збіраюць у розных гарадах ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх тысяч удзельнікаў. Арганізатары заклікаюць беларусаў выходзіць на плошчы сваіх гарадоў без транспарантаў і не выкрыкваць ніякіх лозунгаў. Удзельнікі акцый толькі пляскаюць перыядычна ў далоні. Такім чынам людзі выказваюць імкненне да рэформ, пратэстуюць супраць дыктатуры і эканамічнай палітыкі ўладаў, якая прывяла да збяднення насельніцтва.

Белапан, http://polar-bird.livejournal.com

Коментування: коментарів