У Кіеве прайшла вечарына прысвечаная беларускім палітвязням (фота)

9.02.2012

8 лютага ў Кіеве адбыўся вечар салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. На офісе Народнага Руху Украіны быў прадэманстраваны слайд-фільм “Палітвязні” рэжысёра  Вольгі Мікалайчык, вытворчасці творчай суполкі  “BRAMAFILM”.

На вечарыне выступілі: намеснік старшыні Народнага Руху Украіны Іван Крулько,  старшыня Руху Салідарнасці ” Разам” і ” Беларускага Цэнтру” Вячаслаў Сіўчык, каардынатар Камітэту вызвалення палітвязняў Мікола Каханоўскі, намеснік старшыні “Беларускага Цэнтру” і лідар “Правага Альянсу” Юрась Карэтнікаў ды іншыя. У выступах гучала занепаконнасць лёсам Міколы Аўтуховіча, які быў кінуты за краты 3 гады таму,  і іншых беларускіх палітвязняў.

Украінцы салідарныя з беларускімі палітзняволенымі. Так, па ініцыятыве украінскага камітэту вызвалення палітвязняў накіравана больш за трыццаць лістоў беларускаму палітвязню Яўгену Васьковічу. Прадстаўнікі Моладзевага Народнага Руху Украіны выказалі сваю асаблівую заклапочанасць лёсам лідара “Маладога Фронту” Зміцера Дашкевіча і яго паплечніка Эдуарда Лобава.

Усе ўдзельнікі імпрэзы выказалі сваё захапленне мужнасцю беларускіх змагароў, як палітвязняў і іх родных і паплечнікаў, так і рэжысёрам фільму. Пасля кожнага выступу на вечарыне салідарнасці гучалі беларускія песні барда Андрэя Касмовіча.

Фота Івана Юрчыка

Прэс-група “Беларускага Цэнтру” ва Ўкраіне.

Коментування: коментарів