Украіна не хоча ў Мытны саюз

22.04.2011

Перспектывы свабоднага гандлю з Еўразвязам Украіна лічыць больш прывабнымі.

Украіна плануе супрацоўнічаць з Мытным саюзам Беларусі, Казахстану і Расеі, але не збіраецца да яго далучацца, заявіў міністр замежных справаў Украіны Канстанцін Грышчанка, выступаючы 22 красавіка ва ўкраінскім парламенце.

“Украіна мае намер узаемадзейнічаць з Мытным саюзам па-за межамі фармальнага сяброўства ў ім. Мы не ўступілі ў перамоўны працэс з Мытным саюзам”, – цытуе Грышчанку расейскае інфармагенцтва Новости.

Паводле яго, Украіна аб’явіла стратэгічны курс на еўраінтэграцыю, часткаю якога ёсць стварэнне зоны свабоднага гандлю з ЕЗ. Адпаведныя перамовы з Бруселем Кіеў спадзяецца завяршыць да канца 2011 г. Міністр падкрэсліў, што Украіна не думае мяняць гэтага курсу.

Разам з тым, адзначыў Грышчанка, для Украіны “вельмі важна”, каб умовы гандлю з Расеяй, Беларуссю і Казахстанам не пагоршыліся.

Ён заявіў, што Украіна не выключае падпісання пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з Мытным саюзам. Пры гэтым міністр дадаў: Кіеў мае права заключаць двухбаковыя пагадненні пра стварэнне такой зоны.

Ён нагадаў, што Украіна вядзе перамовы аб свабодным гандлі з Турцыяй, Ізраілем, Канадаю.

Варта адзначыць, што раней кіраўніцтва краіны не выключала ўваходжання Украіны ў Мытны саюз Беларусі, Казахстану і Расеі.

“Гэта магчыма, але ў нас ёсць працэдуры, якія мы мусім прайсці”, – заявіў украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч у лістападзе 2010 г. на сумеснай канферэнцыі з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым. Януковіч растлумачыў, што гаворка ідзе пра змены ў Канстытуцыю Украіны, якія могуць быць унесеныя на рашэнне парламенту або пасля правядзення ўсенароднага рэферэндуму.

belsat

Коментування: коментарів