Украінскаму праваабаронцу Міхаілу Каменеву забаронены ўезд у Беларусь

22.04.2011

Украінскаму праваабаронцу Міхаілу Каменеву забаронены ўезд у Беларусь, паведаміла міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

21 красавіка Каменеў, які з’яўляецца намеснікам старшыні Усеўкраінскай маладзёжнай арганізацыі “Фундацыя рэгіянальных ініцыятыў”, членам Грамадскага савета пры Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны, накіроўваўся ў Мінск у якасці інфармацыйнага памочніка кіраўніка місіі. На мяжы яму паставілі штамп “Уезд забаронены” без указання тэрміну дзеяння забароны.

Каменеў стаў чацвёртым праваабаронцам з Украіны, якому забаронены ўезд у Беларусь, адзначаецца ў паведамленні. Следам за Андрэем Юравым, Марынай Цапок і Максімам Кіцюком  ён не змог трапіць у Мінск, каб прадоўжыць працу ў міжнароднай назіральнай місіі. У аналагічнай сітуацыі апынуўся і грамадзянін Расіі Андрэй Юраў, кіраўнік місіі, выдвараны з Мінска 16 сакавіка. “Названыя праваабаронцы, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, дзейнічалі адкрыта і на падставе норм ААН і АБСЕ аб праваабарончай дзейнасці ажыццяўлялі маніторынг сітуацыі з правамі чалавека — у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі, узятымі на сябе Рэспублікай Беларусь”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Паводле слоў Марыны Цапок, падобныя дзеянні могуць быць расцэнены як прамая перашкода працы міжнароднай назіральнай місіі, “бо з меркаванняў аб’ектыўнасці і бесстароннасці ў яе складзе могуць быць толькі праваабаронцы-іншаземцы, а ім цяпер, мяркуючы па ўсім, дарога ў Беларусь закрытая”.

Доўгатэрміновая місія Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі была створана 27 снежня 2010 года ў сувязі са становішчам у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яна аб’яднала прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый краін АБСЕ для назірання як за дзейнасцю беларускіх улад у выпадку парушэнняў імі правоў чалавека, так і за магчымымі дзеяннямі радыкальных грамадскіх груп, здольных стварыць пагрозу іх вакананню. Місія таксама ажыццяўляе маніторынг агульнай сітуацыі з выкананнем фундаментальных правоў чалавека ў Беларусі, пытанняў забеспячэння дзейнасці праваабаронцаў. Для аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі ў склад місіі не была ўключана ніводная беларуская арганізацыя, паведамляе БелаПАН.

Чытаць таксама:

Від Білорусі вимагають пояснень через українську правозахисницю

Праваабаронца з беларускага “спісу неўязных” звернецца ў МЗС Украіны

Украінскую праваабаронцу не пусцілі ў Беларусь

Коментування: коментарів