Украінскі МЗС не ўхваляе ўдзел сваіх грамадзян у “рэвалюцыі” (відэа)

12.07.2011

І лічыць няправільным, калі ўкраінцы выходзяць “памаўчаць” на тэрыторыі Беларусі.

Пра гэта 12 ліпеня заявіў на брыфінгу дырэктар дэпартаменту інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын. Адзін з украінцаў быў затрыманы на такой акцыі і быў асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту.

“Калі нашы грамадзяне бяруць удзел у акцыях непадпарадкавання ў Беларусі, то гэта няправільна, бо гэта ўнутраная справа самой Беларусі”, — лічыць Алег Валошын.

У той самы час прадстаўнік украінскага МЗС паабяцаў жорстка рэагаваць на затрыманні сваіх суайчыннікаў, якія выпадкова апынуліся паблізу акцый пратэсту.

«Мы вельмі разлічваем і спадзяемся, што ў бліжэйшыя гадзіны беларускія калегі вызваляць нашага грамадзяніна. Амбасада Украіны, даведаўшыся аб яго затрыманні, маментальна звярнулася аб неабходнасці яго вызвалення. Мы таксама патрабуем даць тлумачэнні», – заявіў Валошын.

Паводле Валошына, Кіеў мусіць канстатаваць, што сістэма дачыненняў паміж уладамі ды часткаю грамадства не адпавядае таму, што ва Украіне разумеюць пад “еўрапейскімі стандартамі”.

“І ў такай сітуацыі нашыя грамадзяне часта робяцца бязвіннымі ахвярамі гэтых працэсаў. Нас гэта абурае, але ж мы не пачынаем масава затрымліваць грамадзянаў Беларусі ў Кіеве”, – сказаў спадар Валошын.

Ён адзначыў, таксама, што Украіна выступае супраць палітычнай ізаляцыі Беларусі, бо ў такім выпадку яна не зможа заступіцца за сваіх грамадзянаў.

Коментування: коментарів