Украінскі палітык пра Лукашэнку: Хай на сваю хату спачатку зверне ўвагу

27.04.2011

26 красавіка ў Нароўлі Аляксандр Лукашэнка рэзка выказаўся на адрас кіраўніцтва Украіны і Еўрасаюза. У прыватнасці, па адказ на пытанне, чаму ён не прысутнічаў ва Украіне на мерапрыемствах, прысвечаных 25-годдзю аварыі на ЧАЭС, Лукашэнка параіў звярнуцца да прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

«На жаль, вашывасці хапае і ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны. Пытанне трэба задаць Януковічу, чаму беларускі прэзідэнт не прысутнічае на іх мерапрыемствах», — сказаў Лукашэнка. На яго думку, Кіеў пачаў «скакаць пад дудку» Бруселя ў адносінах з Беларуссю.

Лідар Украінскай народнай партыі Юрый Кастэнка назваў заявы Лукашэнкі «дзіцячай крыўдай», пры гэтым лексіка «адлюстроўвае ўзровень палітычнай культуры постсавецкіх кіраўнікоў».

Ён нагадаў, што ў межах міжнароднай канферэнцыі «Дваццаць пяць гадоў чарнобыльскай катастрофы. Бяспека будучыні» адбылася канферэнцыя донараў, падчас якой Украіна сабрала 550 млн. еўра для вырашэння чарнобыльскіх праблем.

Паводле слоў Кастэнкі, украінская ўлада не магла грэбаваць падобным мерапрыемствам. Прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, якога Лукашэнка назваў казлом, абяцаў прысутнічаць на мерапрыемствах у Кіеве ў выпадку адсутнасці на іх беларускага кіраўніка.

«Ставіць на чашы шаляў, з аднаго боку, самалюбства Лукашэнкі, з другога боку — рэаліі, у якіх апынулася Украіна з Чарнобылем, з „Укрыццём“. Гэта падобна на дзіцячыя цацкі прэзідэнта Беларусі, — лічыць Кастэнка. — Такога кшталту рэчы, якія дазваляе сабе спадар прэзідэнт, сведчаць аб тым, што штосьці ў яго з самакрытыкай не клеіцца: трэба спачатку паглядзець, што робіцца ва ўласным доме, а затым ацэньваць іншых».

Вядомы ўкраінскі грамадскі і палітычны дзеяч Сцяпан Хмара лічыць недапушчальным «празмерна эмацыянальную» заяву Лукашэнкі. «Вельмі прыкра, што з’явілася такая заява прэзідэнта суседняй краіны, брацкага нам беларускага народа. Мы хацелі б і спадзяемся, што будзем будаваць найлепшыя добрасуседскія сувязі. Прыкра і недапушчальна, што прэзідэнт Беларусі не ўтрымаўся і кінуўся ў празмерныя эмоцыі. Гэта не ўпрыгожвае наогул службовую асобу, а тым больш такую высокапастаўленую службовую асобу суседняй краіны», — сказаў Хмара.

«Думаю, што Аляксандр Лукашэнка з часам зразумее і будзе шкадаваць аб тых глупствах, якія ён нагаварыў. Бо ён ужыў проста непрыстойныя выразы як адносна Украіны, а таксама Жазэ Мануэля Барозу — еўрапейскага чыноўніка высокага рангу. Будзем спадзявацца, што з часам калі не Лукашэнка, то кіраўніцтва Беларусі наогул выправіць гэтыя памылкі, таму што гэта пазіцыя няправільная», — заявіў ўкраінскі палітык.

«Наша Ніва»

Чытаць таксама:

Партыя рэгіёнаў: Лукашэнка зрабіў неразумную і не ўзважаную заяву

МЗС Украіны: камэнтары Лукашэнкі “беспрэцэдэнтна некарэктныя”

Лукашэнка абвінаваціў кіраўніцтва Украіны ў «вашывасці» (відэа)

Коментування: коментарів