З фронта варшаўскай бітвы

12.11.2011

Фота і відэа з беспарадкаў у Варшаве ў Дзень незалежнасці Польшчы абляцелі ўжо ўвесь свет. Аднак некаторыя беларускія сайты, якія пачынаюць спрабаваць пісаць аб тых падзеях, робяць гэта ну зусім карава. Таму як сведка апішу якім я ўбачыў “Марш незалежнасці” і паспрабую разгледзець прычыны беспарадкаў.

У гэты дзень правыя арганізацыі праводзілі на вуліцах польскіх гарадоў “Марш незалежнасці”, а актывісты левых арганізацый спрабавалі ім у гэтым перашкодзіць. Дасталося пры гэтым супрацьстаянні і паліцэйскім, якія спрабавалі не дапусціць беспарадкаў. У Варшаве раненні атрымалі 40 супрацоўнікаў паліцыі.

Сутыкненні ў Варшаве пачаліся з самага ранку. Вялікага пабоішча паміж левымі і правымі атрымалася не дапусціць толькі дзякуючы вялікай колькасці паліцыі ў цэнтры Варшавы. У польскую сталіцу былі звезены паліцэйскія з васьмі бліжэйшых ваяводстваў. А над горадам з’явіўся верталёт, які на спецыяльную камеру здымаў падзеі на зямлі.

 

На дапамогу левым актывістам прыехала вялікая колькасць анархістаў з Германіі. Сярод праціўнікаў “Марша незалежнасці” былі заўважаны і беларусы з транспарантам на рускай мове “Никто не забыт, никто не пращён”.

Былі беларусы і на “Маршы незалежнасці”. Аднак галоўную ролю ў падзеях гэтага дня адыгралі правыя футбольныя фанаты, якія прыехалі на марш з усёй Польшчы, а таксама і з Сербіі.

Акцыі прыхільнікаў і праціўнікаў маршу праходзілі зусім побач адна з другой – на Плошчы Канстытуцыі. Таму фанаты паспрабавалі патрапіць таксама і на акцыю палітычных апанентаў. Паліцыя, стараючыся не дапусціць гэтага, пачала выцясняць з Плошчы фанатаў. Гэта стала паваротным момантам ва ўсёй акцыі. У бок паліцыі паляцелі камяні, бутэлькі і ўсё астатняе, што толькі трапляла фанатам пад рукі. Паліцэйскія адказалі дубінкамі, слёзатачывым газам, гумавымі кулямі і вадамётамі. Пры гэтым паліцыя старалася выцясняць з цэнтру плошчы людзей, а не затрымліваць іх.

У выніку галоўная маса людзей пачала разам рухацца па раней запланаванаму маршруту. Увогуле паводле маіх назіранняў ў акцыі прыняло ўдзел больш за 15 тысяч чалавек.

Баявы дух фанаты падымалі ўжываючы алкаголь, выбухаючы петарды, а таксама выкрыкваючы “Вялікая каталіцкая Польшча”,”Польшча цэлая, толькі белая” , “Косава – гэта Сербія”, “Львоў і Вільня – польскія гарады” і таму падобнае.

Пры праходжанні шэсця каля расійскай амбасады ў яе бок паляцелі петарды.

Арганізатары мерапрыемства пры гэтым усім выглядалі бездапаможна – акцыю пад свой кантроль поўнасцю ўзялі фанаты.

На “Плошчы на скрыжаванні” (Plac na rozdrożu) шэсце спынілася. Фанаты, якія ўсю дарогу палілі фаеры, вырашылі таксама спаліць вясёлкавы сцяг сэксуальных меншасцяў.

Пасля гэтага іх увагу прыцягнула здымачная група тэлеканалу TVN 24. Спачатку фанаты спрабавалі перакуліць два аўтамабіля тэлеканала. Калі ж ім гэтага не атрымалася зрабіць, былі выбітыя вокны і кінутыя ў аўта фаеры. У выніку два аўтамабілі згарэла.

Праз некалькі хвілінаў пасля падпалу аўтамабіляў на плошчу падцягнулася вялікая колькасць паліцэйскіх, якія ў выніку і змаглі нарэшце разагнаць фанатаў.

Галоўнымі ж прычынамі беспарадкаў па майму меркаванню з’яўляецца: 1) тое, што ўлады дазволілі акцыі палітычных праціўнікаў зусім побач адна з другой. Гэта справакавала футбольных фанатаў; 2) да правядзення акцыі не былі нейтралізаваныя найбольш небяспечныя элементы (лідэры фанатаў); 3) па шляху руху калонны не былі зачыненыя магазіны з продажам алкаголю. Некаторыя з удзельнікаў акцыі гэта выкарысталі каб падзаправіцца; 4) у некаторых момантах супрацоўнікі паліцыі дзейнічалі непрафесійна. Напрыклад спаленне аўтамабіляў TVN24 паліцыя магла прадухіліць. Фанаты спрабавалі перакуліць аўтамабілі два разы. Пасля першага разу на месца прыбегла паліцыя і ачапіла аўтамабілі. Калі ж паліцыя сышла ад машын, адбылася другая спроба перакуліць аўтамабілі, а пасля ўжо і адбыўся сам падпал.

Ігар Шчэкарэвіч, для сайта Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”

Коментування: коментарів