Звольнены амбасадар Украіны ў Беларусі

3.06.2011

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч звольніў Рамана Бяссмертнага з пасады надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Украіны ў Беларусі. Пасля падзей 19 снежня дыпламат ад свайго імя неаднаразова выказваўся пра недэмакратычнасць рэжыму Лукашэнкі.

Як паведамілі ў прэс-службе Адміністрацыі прэзідэнта Украіны, адпаведны ўказ быў падпісаны Віктарам Януковічам сёння.

Упершыню інфармацыя аб магчымым звальненні Рамана Бяссмертнага з пасады амбасадара Украіны ў Беларусі з’явілася ў СМІ ў лютым пасля яго інтэрв’ю, у якім ён заявіў, што з пункту гледжання ўкраінцаў у беларусаў выбараў не было.

«Я бачыў украінскія, грузінскія, чэшскія, польскія, брытанскія выбары. Але тое, што ўбачыў у Беларусі, пакінула дзіўныя адчуванні. Што такое выбары па-беларуску? Гэта выбары без вонкавай рэкламы, без любых (вялікіх ці малых) сходаў людзей, гэта выбары, калі на ўсіх каналах толькі адзін чалавек. А потым мне адкрылі таямніцу: аказваецца, што настолькі адкрытых выбараў у Беларусі, як у 2010 годзе, яшчэ не было. Не даю нікому ацэнкі — беларусы павінныя жыць сваім жыццём, украінцы — сваім. Але магу сказаць: я не змог бы жыць у такіх умовах. Або зрабіў бы ўсё, каб перамагчы такую сітуацыю, ці гэта дзяржава адолела б мяне. Ва Украіне я рабіў усё, каб у нас такіх выбараў больш ніколі не было», — сказаў ён.

Дыпламатычная этыка не дазваляе афіцыйным прадстаўнікам Украіны выступаць з заявамі ад свайго імя.
Такім чынам у лютым 2011 міністр замежных справаў Канстанцін Грышчанка пракаментаваў заяву Рамана Бяссмертнага.

Новым паслом Украіны ў Беларусі будзе прызначаны былы віцэ-прэм’ер-міністр — міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віктар Ціханаў, які днямі быў звольнены з пасады віцэ-прэм’ера за зрыў рэформы ЖКГ. Пра гэта ZN.UA паведаміла высокапастаўленая крыніца ў МЗС Украіны.

Раман Бяссмертны быў прызначаны паслом Украіны ў Беларусі яшчэ прэзідэнтам Віктарам Юшчанкам у апошні дзень знаходжання яго на гэтай пасадзе.

“Беларускі партызан”

Чытаць таксама:

Амбасадар Украіны жорстка раскрытыкаваў афіцыйны Мінск (відэа)

Посол України в Білорусі взяв участь у Чорнобильських траурних заходах (фото)

Амбасадар Украіны: Словы Лукашэнка – эмоцыі, якім не месца ў палітыцы

Чарнобыльская канферэнцыя ў Пасольстве Украіны ў Рэспубліцы Беларусь (фота)

Роман Безсмертний: «Україна хоче ввімкнути на європейському шляху Білорусі жовте світло»

Коментування: коментарів